Знакамітага іранскага кінарэжысёра асудзілі на шэсць гадоў турмы

Вядомы іранскі кінарэжысёр і грамадскі актывіст Джафар Панахі асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у падтрымцы антыўрадавых пратэстаў у 2010 годзе і ў «прапагандзе супраць сістэмы». Пра гэта паведамляе Іранская служба Радыё Свабода.

20.07.2022 / 07:48

Джафар Панахі

Суд пастанавіў, што Панахі павінен адбыць прызначаны яму яшчэ 12 гадоў таму турэмны тэрмін. Панахі стаў трэцім іранскім кінарэжысёрам, арыштаваным у гэтым месяцы.

Іранскія СМІ паведамляюць, што Панахі затрымалі пасля таго, як ён накіраваўся ў турму Эвін, каб спытаць пра аднаго з двух рэжысёраў, арыштаваных за падтрымку пратэстаў.

Джафар Панахі — адзін з самых вядомых у свеце іранскіх кінематаграфістаў. У 1995 годзе ён атрымаў прыз «Залатая камера» Канскага кінафестывалю за фільм «Белы шар», праз два гады — прыз «Залаты леапард» кінафестываля ў Лакарна за фільм «Люстэрка», у 2000 годзе стаў уладальнікам «Залатога льва» Венецыянскага кінафестываля за фільм «Кола», а ў 2015-м быў уганараваны прэміяй «Залаты мядзведзь» у Берліне за фільм «Таксі».

У 2010 годзе Панахі быў арыштаваны за ўдзел у антыўрадавых акцыях. Некалькі гадоў ён быў пад хатнім арыштам, але працягваў здымаць кіно.

Nashaniva.com