Адвакат, якому вынеслі вымову за падпісанне петыцыі супраць вайны ва Украіне, бараніўся цытатамі з Лукашэнкі. Але інфармацыя ў іх «не адпавядае рэчаіснасці»

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Беларусі стварылі петыцыю ад беларускіх адвакатаў і юрыстаў, у якой асудзілі напад Расіі. Петыцыю падпісаў і адвакат Андрэй Белахвост. За гэта мужчына атрымаў вымову, якую пасля абскардзіў у беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, а затым у судзе. Нядаўна ён атрымаў на рукі матывіровачную частку рашэння, выняткі з якой надрукаваў сайт «Зеркало».

19.07.2022 / 19:51

Андрэй Белахвост

У сваёй петыцыі адвакаты і юрысты патрабавалі «неадкладнага спынення ваенных дзеянняў ва Украіне», заяўлялі нязгоду з тым, што «тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для размяшчэння расійскіх войскаў, якія вядуць баявыя дзеянні ў Украіне, і наша краіна ўцягнутая ў гэты канфлікт».

За подпіс пад гэтай петыцыяй Андрэй Белахвост і атрымаў вымову ад Мінскай абласной калегіі адвакатаў.

Фрагмент з пастановы Менскай абласной калегіі адвакатаў аб прыцягненні адваката да дысцыплінарнай адказнасці. Фота прадастаўлена суразмоўцам

«Пазіцыя Савета Калегіі заключалася ў тым, што петыцыя супраць вайны ўтрымлівала недакладную інфармацыю пра ўдзел у ёй Беларусі», — распавядае адвакат.

З такой пазіцыяй і аргументамі суразмоўца не пагадзіўся. Абскарджанне свайго спагнання ён ужо накіраваў у Рэспубліканскую калегію адвакатаў.

Фрагмент пастановы Савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Фота прадастаўлена суразмоўцам

«Пры абскарджанні я рабіў спасылкі на цытаты з выступаў Лукашэнкі ў пацвярджэнне зместу петыцыі — размяшчэнне расійскіх войскаў, выпуск ракет і да таго падобнае. Выступы браліся з дзяржСМІ або афіцыйных сайтаў, — тлумачыць мужчына. —

Але калегія ўсё адно палічыла, што факты ў гэтай петыцыі не адпавядаюць рэчаіснасці, хоць Лукашэнка сам пацвярджаў усё адлюстраванае ў ёй. Пры гэтым калегія не прадставіла нічога ў пацвярджэнне сваіх слоў, акрамя самой гэтай фразы.

Фрагмент пастановы Савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Фота прадастаўлена суразмоўцам

Пасля атрыманай адмовы ад арганізацыі Андрэй звярнуўся ў суд. Але і там вымову адвакату прызналі правамернай, а з аргументамі калегіі пагадзіліся.

«Суд у сваёй матывіроўцы адзначыў, што недакладнасць петыцыі пацверджаная матэрыяламі дысцыплінарнай вытворчасці. Але ў іх, акрамя фразы «не адпавядае рэчаіснасці», нічога і няма.

Вось такі выходзіць пацешны заганны круг: з аднаго боку, Лукашэнка сам пацвярджае змест петыцыі, з другога — суд лічыць яе недаставернай».

Nashaniva.com