Агенцтва S&P не стала зніжаць рэйтынгі Беларусі ў замежнай валюце да пераддэфолтнага ўзроўню, нягледзячы на нясплату даўгоў

Доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя рэйтынгі Беларусі ў замежнай валюце захаваныя агенцтвам S&P Global Ratings на ўзроўні «CC/C» з «негатыўным» прагнозам, нягледзячы на намеры Мінска плаціць даўгі ў беларускіх рублях замест прадугледжаных даляраў, піша Deutsche Welle.

17.07.2022 / 16:19

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings не стала зніжаць рэйтынгі Беларусі на фоне правядзення Мінскам плацяжу па еўрааблігацыях Belarus-27 у нацыянальнай валюце і пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні «CC /C», захаваўшы іх у спісе CreditWatch на пераглядзе з «негатыўным» прагнозам. Пра гэта ў суботу, 16 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе S&P.

Рэйтынгі могуць быць паніжаныя да пераддэфолтнага ўзроўню, калі выплата па аблігацыях з пагашэннем у 2027 годзе не будзе праведзена ў далярах арыенціровачна ў канцы ліпеня, удакладнілі ў агенцтве «Інтэрфакс».

«Мы разумеем, што ўлады ў цяперашні час шукаюць спосабы ажыццяўлення плацяжоў па аблігацыях у амерыканскіх далярах на працягу льготнага перыяду, прадугледжанага дагаворам, з выкарыстаннем альтэрнатыўных спосабаў аплаты», — адзначылі далей у S&P.

Чарговая публікацыя суверэннага рэйтынгу Беларусі запланаваная на 16 верасня.

Nashaniva.com