СААЗ заклікае краіны свету вярнуць масачны рэжым

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заклікала ўсе краіны вярнуць масачны рэжым, сацыяльную дыстанцыю і тэставанне грамадзян на фоне чарговай хвалі каранавіруса. Кіраўнік арганізацыі Тэадор Аданам Гебрэесус паведаміў, што занепакоены павелічэннем колькасці новых выпадкаў заражэнняў і шпіталізацыі.

13.07.2022 / 22:23

Паводле слоў Гебрэесуса, гэта стварае дадатковую нагрузку на медыкаў і на ўжо перагружаныя сістэмы аховы здароўя.

«Новыя хвалі захворванняў дэманструюць, што COVID-19 яшчэ не скончыўся. Я таксама занепакоены усё большай колькасцю смерцяў», — сказаў ён, удакладніўшы, што цяпер дзяржавы знаходзяцца «ў значна лепшым становішчы, чым у пачатку пандэміі».

Гебрэесус дадаў, што «існуе сур'ёзны разрыў» паміж навукоўцамі, палітыкамі і грамадскасцю ва ўспрыманні рызыкі распаўсюджвання віруса.

Nashaniva.com