Гуманітарныя віды на жыхарства беларусам у Польшчы будуць выдаваць пры ўмове, што яны не будуць ездзіць у Беларусь

Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу прадстаўнікі Офіса Крысціна Рыхтэр і Франак Вячорка ўзялі ўдзел у сустрэчы рабочай групы пры МУС, на якой Польшча акрэсліла навіны для беларусаў.

09.07.2022 / 12:22

Офіс па справах замежнікаў Польшчы апублікаваў інфармацыю аб новым дазволе на часовае знаходжанне для беларусаў, якія маюць гуманітарныя візы — гуманітарным дазволе на жыхарства. Новая працэдура ўступае ў сілу 9 ліпеня. Прававой падставай з'яўляецца п. 9 ч. 1 арт. 186 закона «Аб іншаземцах».

«Такі дазвол на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін не можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасць падарожжаў у Беларусь. Парушэнне гэтага правіла можа быць расцэненае польскімі ўладамі як парушэнне правілаў выдачы гэтых дазволаў і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЕС», — патлумачыла Крысціна Рыхтэр.

У сустрэчы рабочай групы ўзяла ўдзел і намесніца дырэктара консульскага дэпартамента МЗС. Яна паведаміла пра гатоўнасць прымаць заявы на выдачу візаў з 1 жніўня ў Варшаве. У верасні такая магчымасць з'явіцца ў Беластоку, Любліне і Познані.

Атрымаць гуманітарную візу змогуць грамадзяне Беларусі:

— якія прыбылі з Украіны пасля 24 лютага і якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны легальна да 24 лютага;

— у якіх ужо ёсць гуманітарныя польскія візы і якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

МЗС разгледзіць магчымасць пашырэння катэгорый беларусаў, якія могуць атрымаць візы на тэрыторыі Польшчы.

Nashaniva.com