Пасля скандалу з прастытуткамі камандзіра 6-й міліцэйскай брыгады Дунаенку зрабілі педагогам

Месяц таму «Кіберпартызаны» выклалі анімаваны фільм на аснове здабытых матэрыялаў праслухоўвання спецслужбамі камандзіра 6-й міліцэйскай брыгады 5525 палкоўніка Уладзіміра Дунаенкі. З запісаў вынікала, што ён мае праблемы з алкаголем і здраджвае жонцы і з калегай, і з прастытуткамі ў клубах. «Я хачу здохнуць!» — плакаўся Дунаенка каханцы пасля няўдалага паходу ў начны клуб. Стала вядома, Дунаенку адправілі выкладчыкам факультэта ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі.

07.07.2022 / 20:08

Уладзімір Дунаенка

Развітанне з калектывам прайшло ўчора на базе 6-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ў Гомелі. 

На месца Дунаенкі прызначылі падпалкоўніка Уладзіміра Голубева, а Дунаенка адпраўляецца ў сталіцу, у выкладчыкі на факультэт унутраных войскаў Вайсковай акадэміі. 

Да прызначэння ў в/ч 5525 Дунаенка служыў ў 1-й міліцэйскай брыгадзе 5448 пад Мінскам. Менш за год таму яго адтуль перавялі ў Гомель пасля выпадку з'яўлення на рабочым месцы з фінгалам і іншымі слядамі перапою. 

Да таго ж Віктару Жадобіну, сыну былога старшыні КДБ і міністра абароны, Юрыя Жадобіна, патрэбен быў кар'ерны рост — ён заняў месца камбрыга замест Дунаенкі ў 5448. 

Што 5448, што 5525 — часці ўнутраных войскаў, байцы якіх бралі ўдзел у зверствах 2020-га.

Nashaniva.com