У Чорным моры каля Адэсы падарваўся чалавек, праігнараваўшы папярэджанні пра замініраванне

Украінская армія паведаміла ўчора пра гібель мірнага жыхара, які падарваўся на невядомым прадмеце на ўзбярэжжы Чорнага мора непадалёк ад Адэсы.

12.06.2022 / 09:06

Міна ў моры. Фота ілюстрацыйнае

«Сям'я, нягледзячы на забарону, прыйшла адпачываць на ўзбярэжжа. Пакуль маці з сынам раскладалі рэчы, бацька вырашыў замераць глыбіню і тэмпературу вады, — сказана ў паведамленні аператыўнага камандавання «Поўдзень». — Праз некалькі хвілін у вадзе прагучаў выбух, мужчына атрымаў раненні, несумяшчальныя з жыццём».

Вайскоўцы заклікаюць жыхароў Адэсы і гасцей горада не ігнараваць папярэджанняў і ўведзеную ўладамі катэгарычную забарону наведваць узбярэжжы замініраванага мора і купацца ў ім.

У сувязі з інцыдэнтам вельмі эмацыйны зварот да грамадзян запісаў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. Ён звярнуў увагу, што ў моры расстаўленыя міны для таго, каб абцяжарыць высадку расійскага дэсанту і што пра гэта грамадзяне шмат разоў папярэджваліся. Але некаторыя ўсё адно, маўляў, шукаюць на пляжах Адэскай вобласці прэмію Дарвіна.

Nashaniva.com