Расійскі лаўкостар «Победа» пачаў лётаць з Мінска ў Санкт-Пецярбург

Адкрыліся рэгулярныя рэйсы расійскай авіякампаніі лаўкост-сегмента «Победа» паміж Мінскам і Санкт-Пецярбургам, паведамляе прэс-служба Міністэрства транспарту. Раней авіякампанію на беларускі рынак не пускалі.

10.06.2022 / 18:02

Здымак ілюстрацыйны. Фота: ТАСС

«Победа» будзе лётаць у Мінск з пецярбургскага аэрапорта «Пулкава» тройчы на тыдзень: па серадах, пятніцах і нядзелях. Час у дарозе складае паўтары гадзіны. Вылет з Пулкава — у 12.40, прылёт у Мінск — у 14.10.

Зваротны рэйс вылятае ў 14.50 і садзіцца ў Санкт-Пецярбургу, згодна з раскладам, у 16.20. Кошт квіткоў туды-назад на гэты момант складае 5890 расійскіх рублёў (каля 250 беларускіх), тарыф не прадугледжвае багажу і магчымасці выбару месца.

Сённяшні першы рэйс, дзеля якога ў аэрапорце сабралі прэсу, прыбыў з Пулкава ў Нацыянальны аэрапорт Мінск са спазненнем на паўгадзіны, паведамляе Zerkalo.io.

Nashaniva.com