Прэзідэнт Літвы: Перавозка збожжа праз Беларусь несумяшчальная з санкцыйнай палітыкай ЕС
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што заклікі прадстаўнікоў літоўскага бізнэсу аб перавозках украінскага збожжа праз Беларусь — несумяшчальныя з санкцыйнай палітыкай Еўрасаюза ў дачыненні да Мінска. І ніякіх падстаў для змены стаўлення да сябе рэжым Лукашэнкі не дае.
03.06.2022 / 07:43
Гітанас Наўседа. Фота: DELFI / Josvydas Elinskas
Заява літоўскага прэзідэнта была выкліканая заявай прадстаўнікоў Клайпедскага порта, што транспартаванне збожжа праз Польшчу не выкарыстоўвае ўсіх магчымасцяў порта. Кампаніі мяркуюць, што эфектыўная лагістыка магчымая толькі праз Беларусь — у такім выпадку порт зможа адгружаць каля 10 млн тон збожжавых, а пры перавозках праз Польшчу — толькі каля 1 млн, паведаміла раней выданне Verslo zinios.
«Я не думаю, што гэта магчыма, бо падобныя заклікі цалкам несумяшчальныя з санкцыйнай палітыкай Еўрасаюза», — заявіў прэзідэнт Літвы.
«Мы прынялі вельмі ясныя санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму і павінны іх выконваць. Не бачу ніводнай прычыны, па якой беларускі рэжым павінен ацэньвацца больш пазітыўна.
Нават наадварот — пасля ацэнкі іх паводзін у апошні час я думаю, што мы павінны захаваць прынцыповую пазіцыю, і не можа быць ніякіх размоў пра змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі.
Гэта дзяржава, якая заадно з Расіяй», — адзначыў ён.