Амерыканскі дыпламат: Расія можа зрабіць стратэгічную памылку ў Севераданецку

Хаця горад важны для Луганскай вобласці, «ён не такі важны для агульнага змагання, і ўкраінцы змогуць перагрупавацца і даць адпор», пра гэта заявіў былы пасол ЗША ў НАТА і спецпрадстаўнік ЗША ва Украіне да 2019 года Курт Уокер.

31.05.2022 / 13:36

 

Адказваючы на пытанне, ці баіцца ён на фоне рашучасці Расіі захапіць усходнюю Украіну, што вайна ўступае ў фазу, калі Украіна пачне губляць ключавыя раёны, Уокер сказаў, што не баіцца, бо прасоўванне Расіі было «надзвычай павольным і хаатычным». Пакуль украінцы б’юцца вакол Харкава і пачалі контрнаступ пад Херсонам, расіяне кідаюць усё на Севераданецк.

«Калі гэтая бітва скончыцца, яны будуць значна знясіленыя», — дадаў Уокер.

Ён таксама пракаментаваў заяву Байдэна, што ЗША не будуць пасылаць ва Украіну ракеты вялікай далёкасці, якія маглі б «даляцець да Расіі». Паводле яго слоў, прэзідэнт ЗША падтрымлівае Кіеў, але «спрабуе ўвесці абмежаванні».

Nashaniva.com