Галоўчанка заклікаў краіны СНД адмовіцца ад даляра і еўра

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заклікаў краіны СНД адмовіцца ад даляра і еўра. На ягоную думку, гэта дазволіць павялічыць аб'ём узаемнага гандлю. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД.

20.05.2022 / 16:48

Беларускі прэм'ер падкрэсліў, што супраць Беларусі і Расіі штампуюцца «новыя пакеты беспрэцэдэнтных і нелегітымных з пункту гледжання міжнароднага права санкцый».

На ягоную думку, санкцыі адбіваюцца на іншых краінах СНД, таму яны павінны падтрымліваць Расію і Беларусь, у першую чаргу адмовіўшыся ад даляра і еўра ў гандлі з імі.

«Дамагчыся забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту ва ўмовах абвешчанай нам эканамічнай вайны будзе немагчыма без вырашэння адной з сістэмаўтваральных задач — максімальнага сыходу ад узаемаразлікаў у далярах і еўра. Гэта дасць магчымасць не толькі павялічыць трансгранічныя разлікі, якія могуць ажыццяўляцца наўпрост паміж краінамі-ўдзельніцамі, але таксама стымуляваць узаемны гандаль і абараніць экспарцёраў і імпарцёраў ад ваганняў курсаў валют трэціх краін», — сказаў Галоўчанка.

Ён адзначыў, што ў СНД ужо ў значнай ступені сфармаваная неабходная плацежная інфраструктура для поўнага сыходу ад даляра і еўра. Але разам з тым яшчэ застаецца «істотнай» доля разлікаў у гэтых валютах.

«У сувязі з гэтым прашу кіраўнікоў дэлегацый актывізаваць працу на гэтым кірунку. Міждзяржбанк сфармаваў пералік адпаведных прапаноў. Лічу неабходным іх разгледзець у першачарговым парадку», — сказаў Галоўчанка.

Nashaniva.com