«Гэта палітычна немагчыма». Еўропа не будзе вазіць украінскае збожжа праз Беларусь

Еўракамісія зацвердзіла план дапамогі Украіне па вывазе да ліпеня бягучага года не менш за 20 млн тонаў збожжа. Варыянт дастаўкі збожжавых праз Беларусь быў адхілены. Еўракамісія лічыць неабходным стварыць лагістычныя калідоры і павялічыць прапускную здольнасць марскіх партоў, каб дапамагчы Украіне вывезці збожжа, заявіў дэлегаваны Літвой еўракамісар Віргінюс Сінкявічус. Пра гэта паведамляе газета «Белорусы и рынок».

12.05.2022 / 22:16

«Магчымасць перавозкі збожжа ў Клайпедскі порт праз Беларусь не разглядаецца», — адзначыў Сінкявічус.

«Гэта палітычна немагчыма: як гарантаваць, што збожжа, якое паступае з Украіны, патрапіць у Клайпеду, а не ў які-небудзь расійскі порт», — дадаў ён.

На думку Сінкявічуса, перш за ўсё прыярытэт павінен аддавацца цягнікам, якія будуць ісці з перавалачных станцый у марскія парты Еўрасаюза. Павінны стварацца лагістычныя калідоры, а ў марскіх партах мусяць забяспечвацца максімальна вялікія магутнасці для вывазу ўкраінскага ўраджаю на рынкі збыту.

Раней міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс казаў, што ёсць толькі два рэальныя шляхі вывазу збожжа з Украіны: разблакаваць з дапамогай міжнародных структураў украінскія парты або стварыць гуманітарны калідор для правозу грузаў праз Беларусь.

Скуодзіс прапаноўваў выкарыстоўваць тую інфраструктуру, якая ёсць — гэта перавозкі збожжа праз Беларусь, што дазволіла б задзейнічаць усе магутнасці Клайпедскага порта, а таксама магутнасці партоў Латвіі і Эстоніі. Але цяпер гэта, як выглядае, стала ўжо неактуальным.

Чытайце таксама:

Літва прапануе стварэнне гуманітарнага калідора праз Беларусь для вывазу ўкраінскага зерня

Nashaniva.com