Украінскі ўрад закрыў некалькі марскіх партоў да дэакупацыі тэрыторый 

Украінскае Міністэрства інфраструктуры вырашыла закрыць марскія парты Бярдзянска, Марыупаля, Скадаўска і Херсона да таго часу, пакуль гэтыя тэрыторыі не будзе вызваленыя ад расійскай акупацыі. Адпаведны загад прынялі 28 красавіка, паведамляе прэс-служба ўрада.

01.05.2022 / 09:13

Порт у Бярдзянску

Рашэнне прынялі з-за немагчымасці абслугоўваць судны і пасажыраў, праводзіць грузавыя, транспартныя і іншыя звязаныя з усім гэтым віды гаспадарчай дзейнасці. Таксама з-за расійскага ўварвання Украіна не можа гарантаваць патрэбны ўзровень бяспекі суднаходства і забяспечваць ахову навакольнага прыроднага асяроддзя.

Працу партоў ў Бярдзянску, Марыупалі, Херсоне і Скадаўску абяцаюць аднавіць пасля перамогі Украіны ў вайне.

Блакаванне Расіяй украінскіх марскіх партоў моцна ўплывае на магчымасці краіны экспартаваць збожжа. Калі да вайны Украіна магла штомесяц пастаўляць 4 мільёны тон збожжа, то цяпер гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні толькі 600—800 тысяч тон, заяўляў намеснік старшыні Усеўкраінскай аграрнай рады Дзяніс Марчук.

Nashaniva.com