Дзярждэп ЗША разгледзіць магчымасць уключыць Расію ў спіс спонсараў тэрарызму

Дзярждэпартамент ЗША разглядае магчымасць уключэння Расіі ў спіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму, заявіў прадстаўнік ведамства Нэд Прайс. Пра гэта паведамляе CNN.

21.04.2022 / 13:16

Праваенны мітынг у Маскве. Фота: АР

«Мы ўважліва вывучаем факты. Мы ўважліва вывучаем закон. Калі гэтыя меры будуць даступныя нам па законе, то мы іх выкарыстаем, як гэта будзе эфектыўна і мэтазгодна», — удакладніў Прайс.

Дзярждэп ЗША разглядае ўсе магчымыя варыянты і інструменты для прыцягнення Расіі да адказнасці за вайну ва Украіне, уключаючы прызнанне яе краінай-спонсарам тэрарызму, растлумачыў CNN іншы высокапастаўлены чыноўнік. Паводле яго, гэты працэс можа заняць некалькі тыдняў.

Па даных CNN, аб унясенні Расіі ў спіс краін — спонсараў тэрарызму прэзідэнта ЗША Джо Байдэна папрасіў украінскі лідар Уладзімір Зяленскі падчас нядаўніх тэлефонных перамоваў.

Размовы пра тое, каб уключыць Расію ў гэты спіс, вяліся ў ЗША і раней. У прыватнасці, у 2018 годзе на фоне «справы Скрыпалёў».

Дзяржавы-спонсары тэрарызму

У спіс краін-спонсараў тэрарызму трапляюць краіны, якія, на думку Дзярждэпа ЗША, «неаднаразова аказвалі падтрымку актам міжнароднага тэрарызму». Цяпер у гэты пералік уключаныя толькі чатыры дзяржавы ‒ КНДР, Іран, Сірыя і Куба.

Знаходжанне краіны ў спісе дае прэзідэнту ЗША магчымасці ўвесці дадатковыя санкцыі супраць яе або абмежаваць продаж зброі. Акрамя таго, статус краіны — спонсара тэрарызму дазваляе ЗША адмовіць такой дзяржаве ў эканамічнай дапамозе або зняць з яе прадстаўнікоў дыпламатычны імунітэт.

Nashaniva.com