Украінцы ліквідавалі на Данбасе вядомага палявога камандзіра з «ЛНР»

Украінскія вайскоўцы знішчылі на Данбасе вядомага палявога камандзіра з «ЛНР». Гэта камандзір аднаго з батальёнаў, падпалкоўнік Міхаіл Кішчык, больш вядомы як «Міша Чачэн». 

19.04.2022 / 18:52

Міхаіл Кішчык-«Чачэн». Фота: Facebook

У кароткім некралогу, які напісаў кіраўнік «урада ЛНР» Сяргей Казлоў, паведамляецца, што «Чачэн» трапіў у акружэнне пад Крамяной на захадзе Луганскай вобласці, дзе напярэдадні ішлі жорсткія баі.

Кішчык-«Чачэн» атрымаў вядомасць у 2014 годзе, калі ўзначаліў адзін з казачых батальёнаў, якія ваявалі на баку самаабвешчанай «ЛНР». Ягонае падраздзяленне неаднаразова абвінавачвалі ў марадзёрстве на тых тэрыторыях, якія батальён займаў.

У 2016 годзе, калі сітуацыя ў Данбасе была адносна стабільнай, «Новая газета» ў сваім расследаванні называла Кішчыка адным з арганізатараў шэрых схемаў па пастаўках кантрабанды праз лінію судакранання.

Nashaniva.com