Жыхара Верхнядзвінска асудзілі за «пікетаванне» на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі
Суд Верхнядзвінскага раёна 25 сакавіка разглядзеў справу мясцовага жыхара. Яго абвінавацілі па арт. 24.23 КаАП у тым, што ён правёў несанкцыянаванае пікетаванне на сайце Адміністрацыі Лукашэнкі.
12.04.2022 / 17:46
Ілюстрацыйнае фота
Ён «наўмысна размясціў фотаздымак з выявай палотнішча сцяга бела-чырвона-белага колеру і выявай герба «Пагоня» дзеля публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў», паведамляюць праваабаронцы пра матывацыю пераследу.
Мужчына на судзе растлумачыў, што даслаў на сайт паведамленне з пытаннем «Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай?», але адказу не атрымаў. Таму ён зноў напісаў і далучыў фотаздымкі БЧБ-сцяга і герба «Пагоня»:
«Добры дзень яшчэ раз, пісаў вам, але адказу няма, пішу яшчэ раз. Чаму Беларусь удзельнічае ў вайне з Украінай? Не вайне!!! Жыве Беларусь!!! Слава Украіне!!!».
Суддзя Людміла Каваленка прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.