Беларускія медыкі сем месяцаў змагаліся за жыццё маладой жанчыны, ратуючы яе ад кавіду

У МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Юлія трапіла на пачатку кастрычніка 2021 года адразу пасля родаў, з цяжкай формай COVID-19. Сем месяцаў яна змагалася за жыццё, і сёння, 11 красавіка, нарэшце яе выпісалі.

11.04.2022 / 15:06

Фота: Мінздароўя

Пра выпадак жанчыны паведаміла Мінздароўя.

Увосень 2021 года, калі Юлія трапіла ў бальніцу, рэгістравалі штам «дэльта», які прывёў да высокага ўзроўню захворвальнасці на цяжкія формы COVID-19 у цяжарных.

Жанчына паступіла ў МНПЦ пасля экстранага кесарава сячэння, з цяжкім цячэннем COVID-19 і з пашкоджанымі лёгкімі, на ШВЛ. А пасля ў яе развілася множнае пашкоджанне і іншых органаў. Практычна тры тыдні яе імунная сістэма была падаўленая і не функцыянавала.

Дактары штодня ацэньвалі стан пацыенткі. Ёю займаліся дзясяткі дактароў, да таго ж пастаянна праводзіліся кансіліумы з інфекцыяністамі, пульманалогамі, акушэрамі-гінеколагамі і іншымі спецыялістамі.

Цяпер Юлія аднавілася, можа хадзіць, і сёння яе выпісалі.

Nashaniva.com