Пытанне аб эвакуацыі жывёл з разгромленага экапарку пад Харкавам вырашылі

Жывёлы з разбомбленага экапарку пад Харкавам будуць эвакуяваныя пакуль у Дняпро, паведаміў намеснік мэра гэтага горада Міхаіл Лысенка. Зааабаронцы з арганізацыі UAnimals таксама заявілі аб тым, што гатовыя прыняць удзел у эвакуацыі.

05.04.2022 / 19:59

Сёння зранку заснавальнік экапарку, народны дэпутат Аляксандр Фельдман, заявіў, што большую частку буйных драпежнікаў, якія засталіся жывыя пасля абстрэлаў, давядзецца ўсыпіць, бо ўмоў для іх утрымання або эвакуацыі няма, але існуе рызыка, што пры наступным абстрэле напалоханыя драпежнікі апынуцца па-за вальерамі і пойдуць у бок Харкава або найбліжэйшых пасёлкаў, складаючы пагрозу для людзей.

Але прыняць няшчасных жывёл аказалася шмат ахвотных. Спачатку зааабаронцы з арганізацыі Animals распавялі, што дамовіліся аб іх эвакуацыі ў прытулак дзікіх жывёл Наталлі Паповай у Кіеўскай вобласці. «Яна гатовая забраць іх усіх», — напісалі валанцёры.

Пасля з'явілася інфармацыя пра гатоўнасць дапамагчы і з боку іншых украінскіх заапаркаў. Як паведаміла прэс-служба Адэскага заасада, драпежнікаў гатовыя прыняць Луцкі, Ровенскі, Кіеўскі, заапарк «Лімпапо» і іншыя заапаркі. Сам Адэскі заапарк ужо рыхтуе месца для прыняцця некалькіх драпежнікаў. Цяпер вырашаецца толькі пытанне, як іх вывезці.

Чытайце таксама:

Экапарк у Харкаве знішчаны

«Многія жывёлы загінулі ад разрыву сэрца». Што кажа ўласнік заапарка пад Харкавам, які знаходзіцца проста на лініі агню

Nashaniva.com