Папа Францішак назваў Пуціна анахранічным нацыяналістам

Выступаючы сёння на Мальце перад мясцовымі чыноўнікамі, папа рымскі Францішак у квяцістай прамове асудзіў Расію і яе прэзідэнта Пуціна, наўпрост, праўда, па імёнах нікога не называючы. Але з кантэксту ўсё было зразумела. 

02.04.2022 / 19:32

Пантыфік сказаў:

«З Усходу Еўропы, з краіны, дзе ўзыходзіць сонца, цяпер распаўсюдзіліся цёмныя цені вайны. Мы думалі, што ўварванні ў іншыя краіны, жорсткія вулічныя баі і ядзерныя пагрозы былі змрочнымі ўспамінамі пра далёкае мінулае. Аднак ледзяныя вятры вайны, якія нясуць за сабой толькі смерць, разбурэнне і нянавісць, магутна абрынуліся на жыцці многіх людзей і закранулі ўсіх нас.

У чарговы раз нейкі ўладар, які трапіў у пастку анахранічных нацыяналістычных прэтэнзій, правакуе і распальвае канфлікты, у той час як простыя людзі адчуваюць неабходнасць будаваць будучыню, якая або будзе агульнай, або яе не будзе зусім».

Nashaniva.com