Парадзіха з Марыупаля, якая стала знакамітай праз здымак з бамбавання радзільні, патрапіла ў закладніцы да расіян

Парадзіха Мар'яна Вышамірская, фота якой разляцелася па ўсім свеце пасля бамбавання Марыупальскай радзільні, цяпер у закладніках у расіян. Пра гэта піша выданне «Обозреватель». 

02.04.2022 / 17:23

Мар'яна Вышамірская. Фота Яўгена Малалеткі / AP.

Выданне спасылаецца на валанцёраў, якія спрабавалі выратаваць маладую маці з немаўлём.

«Да нас звярнуліся яе сваякі з просьбай дапамагчы выехаць на падкантрольную Украіне тэрыторыю, таму што расіяне яе планавалі выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах. Не атрымалася, улічыце, што яна з дзіцём у закладніках», — адзначаюць валанцёры.

Раней адзін з расійскіх прапагандысцкіх каналаў апублікаваў відэа з жанчынай, у якім яна нібыта пацвярджае заяву кіраўніцтва Крамля, што радзільня ў Марыупалі бамбавалася з-за таго, што там знаходзілася база батальёна «Азоў». Як заўважае «Обозреватель», на кадрах, апублікаваных прапагандыстамі, бачныя шматлікія склейкі.

Раней прапагандысты сцвярджалі, што дзяўчына са знакамітага фота — мадэль, а цяжарнасць яна толькі імітавала для здымак.

Nashaniva.com