Казахстан не будзе дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі і прызнаваць Крым з Данбасам

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Цімур Суляйменаў у інтэрв'ю выданню Euroactive заявіў, што Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, не прызнае ўваходжанне Крыма ў склад Расіі і не мае намеру аказваць Расіі дапамогу ў абыходзе заходніх санкцый. 

01.04.2022 / 19:20

«Казахстан не будзе інструментам для абыходу санкцый супраць Расіі з боку ЗША і Еўрасаюза. Мы будзем выконваць санкцыі… Мы будзем працягваць інвеставаць у Расію і прыцягваць інвестыцыі для Расіі: па-іншаму наша эканоміка функцыянаваць не можа. Але мы зробім усё магчымае, каб кантраляваць санкцыйныя тавары і любыя інвестыцыі ад асоб або арганізацый, якія знаходзяцца пад санкцыямі», — паведаміў Суляйменаў.

Чыноўнік адзначыў таксама:

«Расія хацела б, каб мы былі на іх баку. Але Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы не прызнавалі і не прызнаем ні сітуацыю з Крымам, ні сітуацыю з Данбасам, таму што іх не прызнае ААН. Мы будзем прызнаваць толькі рашэнні, прынятыя на ўзроўні арганізацыі Аб'яднаных Нацый. <…> У нас няма праблем з тым, каб называць рэчы сваімі імёнамі. Расія вырашыла ўвесці закон, які забараняе слова «вайна». Яны называюць гэта спецыяльнай ваеннай аперацыяй. Але ў Казахстане мы гэта называем так, як ёсць, на жаль».

Nashaniva.com