З разбамбаванага сямейнага экапарку пад Кіевам нарэшце сталі вывозіць жывёл

Расейскія войскі пад Кіевам амаль знішчылі сямейны экапарк «Яснагародка». Частка жывёл, для якіх ферма служыла прытулкам, загінулі. Але эвакуацыя астатніх ўжо пачалася. Пра гэта паведамілі ўладальнікі экапарка і грамадская арганізацыя UAnimals, якая дапамагае эвакуяваць жывёл, піша «Украінская праўда».

30.03.2022 / 20:17

Фота: UAnimals

«За ўчора (29 сакавіка — рэд.) вывезлі каля 15 жывёл. Гэта пяць лам, некалькі альпак і вельмі рэдкія прыгожыя ружовыя пеліканы», — адзначыла валанцёрка UAnimals.

А 30 сакавіка валанцёры з дапамогай эвакуацыйных машын выратавалі яшчэ двух вярблюдаў, двух буйвалаў і ішакоў.

Фота: UAnimals

Па словах валанцёркі, уладальнікі фермы запэўніваюць, што на працягу месяца вайны супрацоўнікі экапарку кармілі і даглядалі жывёл. Аднак, на жаль, з-за актыўных варожых абстрэлаў такая магчымасць была не заўсёды. 

Паводле ўладальніка Яснагародскай фермы Акіма Акімава, за час вайны загінулі каля 20 страўсаў, цяляты шатландскай каровы і венгерскай сюркі (парода кароў), дзве ламы і альпака.

Пры гэтым уладальнік адзначае, што ні адна жывёла не памерла з-за адсутнасці ежы або вады. Усе яны загінулі ў выніку абстрэлаў і з-за стрэсу.

Па стане на 30 сакавіка ў экапарку «Яснагародка» знаходзяцца яшчэ сотні жывёл. У прыватнасці, каля 30 галоў баранаў, 250 страўсаў і які.

Сямейны экапарк, які да нядаўняга часу заўсёды гасцінна прымаў наведвальнікаў, зараз выглядае прыгнечана: згарэлыя пабудовы, паўсюль відаць сляды бамбёжак. Але Акім Акімаў кажа: «Тое, што мы такую колькасць жывёл выкармілі і яны засталіся жывыя — гэта ўжо поспех».

Nashaniva.com