У раёне ЧАЭС праз баявыя дзеянні гараць тысячы гектараў лесу — гэта можа быць небяспечна і для Беларусі

У зоне адчужэння ў раёне ЧАЭС праз баявыя дзеянні гараць больш за 10 тысяч гектараў лесу, зафіксаваны 31 пажар. Гэта прыводзіць да падвышанага ўзроўню радыеактыўнага забруджвання паветра.

27.03.2022 / 17:01

Фота: Радыё Свабода

«Кантроль і тушэнне пажараў немагчымыя з-за захопу зоны адчужэння расійскімі войскамі, — паведаміла амбудсмен па правах чалавека Людміла Дзянісава. —

У выніку гарэння ў атмасферу выдзяляюцца радыёнукліды, якія пераносяцца ветрам на значныя адлегласці. Гэта пагражае радыяцыяй Украіне, Беларусі і краінам Еўропы.

З-за ветранага і сухога надвор'я інтэнсіўнасць і плошча пажараў павялічацца, што можа выклікаць звышмаштабныя пажары, з якімі цяжка справіцца нават у мірны час.

Полымям могуць быць ахоплены сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва і сховішчы ядзерных адходаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Чарнобыльскай зоны».

Яна звярнулася ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) з просьбай як мага хутчэй адправіць ва Украіну экспертаў і абсталяванне для тушэння пажару, каб прадухіліць непапраўныя наступствы не толькі для Украіны, але і для ўсяго свету.

Nashaniva.com