Таемны план увядзення ва Украіну міратворчых сіл некалькіх краін НАТА. Калі будзе рашэнне, будзе і закрытае неба

Польскае выданне Onet.pl атрымала доступ да сакрэтнага праекта міратворчай місіі ва Украіне. Чакаецца, што Варшава афіцыйна прэзентуе яго на саміце НАТА 24 сакавіка. Амерыканцы ўдзельнічаць у гэтым не хочуць, але, магчыма, дадуць згоду на місію ў складзе некалькіх іншых краін альянсу.

22.03.2022 / 16:11

Сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэм'ерамі Славеніі, Чэхіі і Польшчы. Фота: Прэс-офіс прэзідэнта Украіны / AP

Новы праект з’явіўся дзякуючы візіту ў Кіеў на мінулым тыдні прэм’ера і віцэ-прэм’ера Польшчы, а таксама кіраўнікоў урадаў Чэхіі і Славеніі. Падчас той сустрэчы польскі віцэ-прэм’ер зрабіў прапанову арганізаваць узброеную міратворчую місію ад НАТА і, магчыма, іншых міжнародных арганізацый. Увод міратворцаў стане магчымы толькі ў выпадку згоды Кіева.

Праект пакуль што сакрэтны. Яго распрацоўваюць польскае міністэрства абароны і лідары кіраўнічай партыі «Права і справядлівасць». У кансультацыях таксама ўдзельнічае канцылярыя польскага прэзідэнта і Бюро нацыянальнай бяспекі краіны.

Крыніцы Onet сцвярджаюць, што паміж прэзідэнцкай канцылярыяй і ўрадам ёсць рознагалоссі ў іх разуменні мірнай місіі. Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда не дасць згоды на праект місіі, пакуль ЗША не дадуць на яго зялёнае святло.

Таму яшчэ да саміта НАТА праект будучай місіі накіруюць у Вашынгтон, і рашэнне ЗША вызначыць лёс аперацыі.

Згодна з крыніцамі польскіх журналістаў, памер міжнароднага міратворчага кантынгенту мае складаць да дзесяці тысяч чалавек. Плануецца, што міратворцы будуць гарантаваць бяспеку гуманітарных паставак і калідораў, у тым ліку ствараць над імі беспалётную зону.

Сярод магчымых варыянтаў ёсць і ідэя закрыць неба над найвялікшымі ўкраінскімі гарадамі. Гэта дапаможа абараніць іх насельніцтва ад бомбавых і ракетных атак.

Дачка Уладзіміра Машкова: Бацька папрасіў мяне з дочкамі вярнуцца ў Расію і папрасіць прабачэння за здраду

Марыупаль пакінулі апошнія журналісты, якія там заставаліся. Яны расказалі ў дэталях тое, што бачылі на свае вочы

Nashaniva.com