Сі Цзіньпін з Байдэнам правялі двухгадзінную размову

Сі Цзіньпін заявіў, што краіны не павінны заходзіць так далёка і сустракацца на поле бою, а крызіс ва Украіне — не тое, што Кітай хацеў бы бачыць.

18.03.2022 / 18:20

Пакуль што вядома толькі пра тое, што Сі Цзіньпін заявіў, што ўкраінскі крызіс — не тое, што Кітай хацеў бы бачыць. Таксама кіраўнік КНР лічыць, што ЗША і Кітай павінны прыкладаць намаганні для падтрымання глабальнага міру.

«Будучы пастаяннымі членамі Рады Бяспекі ААН і дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету, мы павінны не толькі накіраваць кітайска-амерыканскія адносіны ў правільнае рэчышча, але і ўзяць на сябе належную міжнародную адказнасць і прыкласці намаганні для міру і спакою ва ўсім свеце», — прыводзіць Цэнтральнае тэлебачанне Кітая словы Сі Цзіньпіна.

З амерыканскага боку паведамляецца, што Байдэн заклікае Сі Цзіньпіна выкарыстоўваць уплыў на Пуціна для спынення ваенных дзеянняў ва Украіне.

Напярэдадні амерыканская адміністрацыя паведамляла, што Байдэн перасцеражэ кітайскага лідара ад ваеннай дапамогі Расіі і ад садзейнічання ёй у абыходзе санкцый — у адваротным выпадку ЗША гатовыя прыняць нейкія меры ў адказ і супраць Кітая.

Nashaniva.com