У Літве радыкальным чынам абмежавалі суму ў еўра, якую можна прывезці ў Беларусь

Літоўская мытня інфармуе, што як фізічным, так і юрыдычным асобам забаронена прадаваць, перадаваць або экспартаваць еўра ў Расію і Беларусь, нават калі паказваецца дэкларацыя аб наяўных сродках. Таксама абмяжоўваецца сума наяўных у еўра, якую можна вывезці для асабістых патрэб, піша Delfi.lt

18.03.2022 / 15:58

У Літве абмежавалі суму наяўных у еўра, якую можна вывезці для асабістых патрэб у Беларусь і Расію. Цяпер падчас паездкі ў гэтыя краіны пры сабе можна мець наяўнымі толькі да 60 еўра на чалавека.

«Колькасць наяўных грошай у іншай валюце не абмежаваны», — гаворыцца ў паведамленні мытні.

Акрамя таго фізічным і юрыдычным асобам забаранілі прадаваць, даваць, перадаваць або экспартаваць еўра ў Расію і Беларусь.

Гэтыя правілы не датычацца дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый у Беларусі ці Расіі, якія карыстаюцца імунітэтамі ў адпаведнасці з міжнародным правам.

«Калі мытныя органы выявяць, што задэклараваная сума банкнот еўра перавышае суму, дазволеную для вывазу, дэкларацыю аб наяўных грошах не выдадуць, а асоба з банкнотамі еўра вернецца ў Літву», — папярэджвае мытная служба.

За парушэнне уведзеных правілаў могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Nashaniva.com