Мінабароны: Прашэнне аб адстаўцы начальніка Генштаба — фэйк

Мінабароны Беларусі ў сваім тэлеграм-канале абвергла інфармацыю пра адстаўку начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Віктара Гулевіча. 

06.03.2022 / 12:06

Ва ўкраінскім інтэрнэце гуляе дакумент нібыта за подпісам начальніка Генштаба Узброеных сіл Беларусі Віктара Гулевіча, у якім гаворыцца пра тое, што ён 4 сакавіка падаў у адстаўку з-за масавай адмовы беларускіх вайскоўцаў браць удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

Мінабароны Беларусі 6 сакавіка апублікавала абвяржэнне.

«Па-першае, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Віктар Гулевіч не можа прасіць адстаўкі ў міністра абароны Беларусі, бо ў адстаўку яго можа накіраваць толькі той, хто прызначыў — галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь. Па-другое, укамплектаванасць злучэнняў і воінскіх частак Рэспублікі Беларусь — 100%. І яны ўжо выконваюць задачы, толькі на сваёй тэрыторыі», — паведамілі ў беларускім абаронным ведамстве, дадаўшы, што подпіс на фэйкавым дакуменце таксама падроблены.

Nashaniva.com