Мінабароны Расіі заявіла, што адводзіць танкі ад мяжы з Украінай на тысячу кіламетраў

У Мінабароны Расіі заявілі аб вяртанні эшалона з тэхнікай падраздзяленняў танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі, якая мяжуе з паўночнымі абласцямі Украіны, у пункт пастаяннай дыслакацыі. Там запэўніваюць, што адводзяць танкі на тысячу кіламетраў.

18.02.2022 / 11:44

Фота: Мінабароны Расіі

«Чарговы воінскі эшалон з салдатамі і вайсковай тэхнікай падраздзяленняў танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі адправіўся ў пункт пастаяннай дыслакацыі ў Ніжагародскай вобласці пасля завяршэння планавых вучэнняў», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

Адзначана, што па прыбыцці ў размяшчэнне вайсковай часткі вайскоўцы пачнуць правядзенне тэхнічнага абслугоўвання баявой тэхнікі і яе падрыхтоўкі да далейшых планавых мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі.

«Перавозкі танкаў і браняванай гусенічнай тэхнікі ажыццяўляецца чыгуначным транспартам на адлегласць каля адной тысячы кіламетраў», — дадаюць у паведамленні.

Nashaniva.com