За ўдзел у пратэстах крымінальна асуджаныя ўжо 1832 чалавекі

Лічбу ў 1832 чалавекі, асуджаныя за ўдзел у пратэстах са жніўня 2020-га па пачатак лютага 2022-га, назваў сёння першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерый Калінковіч.

15.02.2022 / 20:11

«З іх 168 асуджаныя за арганізацыю альбо ўдзел у масавых беспарадках, 396 — за групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, 468 — за абразу прадстаўнікоў улады, 29 — за паклёп», — цытуе БЕЛТА словы намесніка старшыні Вярхоўнага суда.

Яшчэ 126 чалавек асудзілі за нібыта хуліганства. 86 — за здзек з дзяржаўных сімвалаў. 27 чалавек былі асуджаныя па абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці, 7 — за ўчыненне «актаў тэрарызму». 

Пры гэтым Калінковіч заявіў, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі было прысуджанае менш чым палове асуджаных удзельнікаў пратэстаў. Такіх, паводле яго, набралася «толькі» 663, то-бок недзе 36%. 60% асудзілі да абмежавання свабоды.

Па стане на сённяшні дзень правабаронцы прызналі палітвязнямі 1062 чалавекі.

Людзі, асуджаныя па іншых артыкулах, як Віктар Бабарыка, і тыя, каго яшчэ не асудзілі, як Яўген Юшкевіч, Мікалай Аўтуховіч ці кіраўнікі незалежных СМІ, таксама ў гэтую статыстыку не ўваходзяць. Такім чынам, агульная колькасць палітарыштантаў вымяраецца ўжо тысячамі.

Колькасць фігурантаў палітычных крымінальных спраў, якія здолелі пакінуць Беларусь, таксама, паводле розных ацэнак, складае тысячы чалавек.

Nashaniva.com