У Туркменістане прэзідэнт заявіў, што трэба даваць дарогу маладым. 12 сакавіка там правядуць пазачарговыя выбары

Прэзідэнт Туркменістана 64-гадовы Гурбангулы Бердымухамедаў заявіў аб прыняцці няпростага рашэння наконт сябе. Па яго словах, на новым этапе развіцця краіны дарогу патрэбна даваць маладым кіраўнікам, заявіў ён падчас паседжання верхняй палаты парламента краіны, паведаміла ў пятніцу Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Туркменістана. На пасадзе прэзідэнта Бердымухамедаў знаходзіцца вось ужо трэці тэрмін, з 2007 года.

12.02.2022 / 10:47

«Вось ужо 15 гадоў я працую на вышэйшай і вельмі адказнай пасадзе прэзідэнта Туркменістана, адначасова выконваю абавязкі старшыні Кабінета міністраў Туркменістана, старшыні Дзяржаўнай рады бяспекі, Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Туркменістана, старшыні Халк Маслахаты (верхняя палата парламента — заўв. «НН») Мілі Генгеша Туркменістана, — сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў. — Як вам вядома, працягнуў кіраўнік дзяржавы, два гады таму я дасягнуў узросту Прарока (63 гады — заўв. «НН»). У сувязі з гэтым я аб'яўляю аб прынятым для мяне няпростым рашэнні.

Я цалкам падтрымліваю меркаванне аб неабходнасці адкрыць дарогу да дзяржаўнага кіравання на новым этапе развіцця нашай краіны маладым кіраўнікам, выхаваным у духоўным асяроддзі і ў адпаведнасці з высокімі патрабаваннямі сучаснасці. Я маю намер выкарыстаць свой вялізны жыццёвы і палітычны вопыт на пасадзе старшыні Халк Маслахаты.

З моладдзю мы звязваем не толькі нашу будучыню, але і сучаснасць. Веліч кожнай дзяржавы вызначаецца пакаленнем, якое яно ўзгадавала. Сёння наша патрыятычная моладзь, якая валодае сучаснымі навукамі і ведамі, шырокім даляглядам, праяўляе сябе ва ўсіх абласцях».

Сёння стала вядома, што ў Туркменістане 12 сакавіка адбудуцца пазачарговыя выбары прэзідэнта, паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на Цэнтрвыбаркам Туркменістана.

Гурбангулы Бердымухамедаў падчас прэзідэнцтва стаў героем многіх мемаў: ён чытаў рэп, кідаў бетон залатой рыдлёўкай, паказваў вайскоўцам, як страляць па мішэнях, едучы на ровары, і гэтак далей.

Між тым, ягоны адзіны сын 40-гадовы Сядар Бердымухамедаў стаў віцэ-прэм'ерам.

Nashaniva.com