Ва Узбекістане следам за Арменіяй таксама параілі Лукашэнку лепш «заняцца няпростымі ўнутранымі і знешнімі праблемамі»

Крыніца ў афіцыйных колах Узбекістана пасля словаў Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці ўваходжання Узбекістана ў «саюзную дзяржаву» заявіла расійскаму агенцтву «РИА Новости», што ў гэтай краіны ёсць свая нацыянальная стратэгія развіцця.

10.02.2022 / 20:19

Фота: viperagp / depositphotos.com

«Серыя безадказных заяваў ніяк не адпавядае дасягнутым сумеснымі намаганнямі абедзвюх краін духу і ўзроўню міждзяржаўных адносін.

Было б разумным паважанаму Аляксандру Рыгоравічу заняцца, перш за ўсё, сваімі няпростымі ўнутранымі і знешнімі праблемамі», — сказаў суразмоўца агенцтва, каментуючы выказванне.

На ягоную думку, Лукашэнку ўвогуле не варта даваць ацэнку сітуацыі ў іншых краінах і каментаваць іх знешнюю палітыку:

«Узбекістан як незалежная суверэнная дзяржава мае дакладнае бачанне сваёй будучыні і, зыходзячы выключна з інтарэсаў народа і дзяржавы, будзе працягваць ісці па шляху ўласнай нацыянальнай стратэгіі развіцця».

Раней Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву сказаў, што Узбекістан можа з-за эканамічнай неабходнасці ўвайсьці ў склад «саюзнай дзяржавы» Расіі і Беларусі.

У тым жа самым інтэрв'ю Лукашэнка ў падобным стылі выказаўся і пра Арменію, што выклікала рэзка негатыўную рэакцыю з боку як афіцыйных уладаў гэтай краіны, так і грамадства.

Чытайце таксама:

У Арменіі пратэстуюць супраць словаў Лукашэнкі другі дзень. Прайшла яшчэ і акцыя пратэсту каля беларускай амбасады

Пасла Беларусі ў Арменіі выклікалі ў мясцовы МЗС з-за выказвання Лукашэнкі

Ерэван: Своеасаблівае меркаванне Лукашэнкі не мае нічога супольнага з Арменіяй і яе замежнай палітыкай

Nashaniva.com