Жыхары трох раёнаў Мінска скардзіліся на «мазутныя пахі» ад ЦЭЦ-4. Энергетыкі распавялі, як вырашаюць праблему

Зніжэнне ўплыву ЦЭЦ-4 на атмасфернае паветра сталіцы абмеркавалі на выніковай калегіі Мінгаркампрыроды, паведамляе «Мінск-Навіны».

10.02.2022 / 09:17

У 2020 годзе з'явіліся масавыя скаргі жыхароў Малінаўкі, Сухарава, Кунцаўшчыны з прычыны адчувальных пахаў ад ЦЭЦ-4.

Прычынай нязручнасцяў магло стаць выпарэнне лёгкіх бензінавых фракцый, якія дадаюцца ў мазут вытворцамі для надання яму неабходнай глейкасці. Разагрэў паліва такога складу суправаджаецца значным вылучэннем лятучых кампанентаў.

Каб знізіць «амбрэ», на ЦЭЦ-4 ужо перагледзелі падыходы да некаторых работ. Цяпер адначасова праводзіцца разгрузка толькі 15 цыстэрнаў мазуту, якія паступаюць ад вытворцаў, замест 48. Таксама хутка завершыцца распрацоўка перадпраектнай дакументацыі па рэканструкцыі прыёмна-зліўных латкоў і герметызацыі зліву мазуту, каб знізіць аб'ём пароў нафтапрадуктаў, якія трапляюць у атмасферу.

Па даных энергетыкаў, перавышэння канцэнтрацыі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад ЦЭЦ-4 не выяўлялася ні ў 2021 г., ні за мінулы перыяд 2022-га.

Nashaniva.com