Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Даніі

Сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Даніі Епэ Кофадам Ціханоўская абмеркавала пытанне стаўлення да рэферэндуму ў Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, магчымасць міжнароднай дапамогі і павышэння эфектыўнасці заходніх санкцый.

03.02.2022 / 21:13

Ціханоўская расказала дацкаму міністру пра сітуацыю ў Беларусі, падкрэсліўшы, што рэферэндум, які праводзіць Лукашэнка, на самай справе антыканстытуцыйны, незаконны і ніяк не можа служыць для пераадолення крызісу.

Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу на напружанне ў сувязі з беспрэцэдэнтнай дыслакацыяй расійскіх войскаў і адзначыла, што важна, каб Еўрасаюз адкрыта выступіў у падтрымку беларускага суверэнітэту.

Акрамя таго, на сустрэчы бакі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі і працу міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, якая працуе ў Капенгагене. Таксама закраналася пытанне дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Была абмеркавана і магчымасць падняцца ў найбліжэйшы час на Радзе міністраў Еўрасаюза пытання аб павышэнні эфектыўнасці санкцый, у тым ліку перакрыцця шчылін для паставак калію і нафтапрадуктаў, а таксама аб спыненні карупцыйных схем, выбудаваных рэжымнымі алігархамі.

Nashaniva.com