Нацбанк расказаў пра тое, што тармозіць рост эканомікі, а што — разганяе

Драйверам выступаў знешні попыт на айчынныя тавары за мяжой, а тормазам — санкцыі і нявызначанасць. Пры гэтым рост коштаў на тавары і паслугі разганяюць у асноўным інфляцыйныя чаканні, вынікае з даных рэгулятара. Прасцей кажучы, цэны растуць яшчэ больш з-за чакання іх павышэння. Гэтаму спрыяюць самі чыноўнікі. Да прыкладу, калі пераносяць запланаванае павышэнне цэн і тарыфаў, каб «падкруціць» інфляцыю, піша Zerkalo.io.

02.02.2022 / 09:24

Што тармозіць эканоміку, а што — паскарае

У кастрычніку-снежні мінулага года рост ВУП склаў у гадавым выражэнні 1% да аналагічнага перыяду 2020-га. Для параўнання: у ліпені-верасні эканоміка дадала на 1,3% да такога ж перыяду 2020 года.

У Нацбанку бачаць адзін асноўны фактар, які падтрымлівае рост ВУП — знешні попыт на айчынныя тавары. Стрымліваюць развіццё прыкметна больш фактараў.

«Захаванне павышанай нявызначанасці, рызык, а таксама санкцыйны ціск з боку заходніх краін абумовілі ў справаздачным квартале слабую інвестыцыйную і спажывецкую актыўнасць, што абмяжоўвала рост ВУП», — удакладняе рэгулятар.

Рванулі цэны на беларускую гародніну. Што разганяе інфляцыю

Нацбанк звяртае ўвагу на разагнаны рост цэн на тавары і паслугі. Адна з прычын — павышаныя праінфляцыйныя чаканні.

«У чацвёртым квартале 2021-га захоўваўся праінфляцыйны ўплыў на ўнутраны спажывецкі рынак як з боку цэнаў імпарту, так і з боку цэнаў айчынных вытворцаў», — удакладняе рэгулятар.

Па даных Нацбанка, дынаміка цэн беларускіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў чацвёртым квартале таксама захоўвала досыць высокую інтэнсіўнасць.

«У раслінаводстве значнае падаражэнне назіралася ў групе свежых гародніны (бурак сталовы, капуста, цыбуля, морква), што адбілася і на дынаміцы спажывецкіх цэн названых пазіцый, — адзначае рэгулятар. — У жывёлагадоўлі высокія тэмпы падаражэння былі характэрныя ў асноўным для мясной прадукцыі — птушкі жывой, свіней жывых, буйной рагатай жывёлы мясных парод».

У Нацбанку лічаць, што дынаміка цэн вытворцаў аказвае ціск на цэны адпаведных пазіцый спажывецкага рынку. «На фоне цяжкасцяў у лагістыцы і перабояў у пастаўках паскорыўся і рост цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі. Больш высокія гадавыя тэмпы росту былі характэрныя для прадукцыі як спажывецкага, так і вытворча-тэхнічнага прызначэння», — адзначае рэгулятар.