Большасць румынаў падтрымліваюць аб’яднанне з Малдовай

У Малдове гавораць на той жа мове, што і ў Румыніі, але гістарычна гэтыя землі ўваходзілі ў Расійскую Імперыю і СССР.

01.02.2022 / 12:01

Фота: depositphotos.com.

Дзве трэці грамадзян Румыніі выступаюць за аб’яднанне з Малдовай. Пра гэта піша выданне anticoruptie.md са спасылкай на даследаванне INSCOP Research.

Згодна з ім, 74,5% апытаных румынаў падтрымліваюць аб’яднанне, а 21,1% грамадзян выступаюць супраць яго. Астатнія рэспандэнты яшчэ не вызначыліся са сваім меркаваннем.

Апытанне таксама паказала, што прыкладна 70% жыхароў Румыніі падтрымліваюць членства краіны ў ЕС. За выхад краіны з ЕС выступаюць 25% румынаў.

Цікава, што ў самой Малдове ставяцца да аб’яднання з Румыніяй скептычна. Згодна з апошнімі апытанкамі, аб’яднанне падтрымліваюць 35% грамадзян Малдовы, але супраць яго выступае амаль палова малдаван — 47,2%. Ёсць і тыя, хто не вызначыўся са сваім меркаваннем, іх 9,1%.

Румынія пасля ўваходжання ў Еўрасаюз і НАТА перажывае эканамічны бум. У краіне, якая на выхадзе з сацыялізму была адной з найбяднейшых, цяпер сярэднія заробкі «чыстымі» набліжаюцца да 800 еўра. А па памеры ВУП на душу насельніцтва Румынія абагнала Беларусь ужо больш як у два разы.

Nashaniva.com