У Дзвіне знайшлі цела і другога хлопчыка з тых, што патанулі напрыканцы мінулага года

Сёння ў Дзвіне знайшлі цела і другога хлопчыка, які патануў разам з сябрам 29 снежня 2021 года ў вёсцы Казьянкі на Полаччыне, паведамілі ў МНС. Цела першага дзіцяці было знойдзена ў сярэдзіне студзеня.

31.01.2022 / 21:38

Месца, дзе адбылася трагедыя. Фота Следчага камітэта.

Увесь гэты час ратавальнікамі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада «Віцязь» і вадалазамі Таварыства выратавання на водах працягваліся пошукавыя работы.

«Паводле аператыўнай інфармацыі, у 11.17 цела дзіцяці 2011 года нараджэння было знойдзена вадалазамі на адлегласці 700 м ад месца ўтаплення (прыблізна каля 30 м ад берага) на глыбіні 3,5—4 м. На месцы са сваякамі працуюць псіхолагі МНС», — распавялі ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.

Нагадаем, што 29 снежня 2021 года каля 16:00 дзеці з вёскі Казьянкі Полацкага раёна пайшлі катацца на горку каля ракі. Імяніннік таго дня, 10-гадовы хлопчык, вырашыў праверыць таўшчыню лёду на рацэ. Аднак падышоўшы да краю палонкі, ён праваліўся ў ваду.

Яго 12-гадовы сябар спрабаваў яму дапамагчы выбрацца, аднак таксама апынуўся ў вадзе. Дзяўчынка паклікала на дапамогу свайго брата. Ён спрабаваў дапамагчы, але праплыўшы па палонцы каля 500 метраў, дзеці сышлі пад ваду. І доўгі час іх целы не маглі знайсці.

Чытайце таксама:

Знайшлі цела аднаго з хлопчыкаў, якія патанулі ў Дзвіне перад Новым годам

Трагедыя пад Полацкам: на Дзвіне праваліліся пад лёд двое хлопчыкаў. У аднаго з іх быў дзень народзінаў

Nashaniva.com