Украінскі фігурыст на прэс-канферэнцыі адказаў расійскім журналістам па-англійску. Для іх гэта было нечакана

20-гадовы ўкраінскі фігурыст Іван Шмуратка пасля трэніроўкі на зімовых Алімпійскіх гульнях-2022 у Пекіне прыняў удзел у прэс-канферэнцыі. Падчас яе Шмуратка не ігнараваў і прадстаўнікоў расійскіх СМІ, аднак на іх пытанні, зададзеныя па-руску, адказваў па-англійску, піша УНІАН.

31.01.2022 / 20:52

Іван Шмуратка. Фота Дзмітрыя Пуцінцава.

У прыватнасці, карэспандэнт канала «Матч ТВ» спытаў па-руску ў фігурыста пра рэкамендацыі Міністэрства спорту і моладзі Украіны. Іх украінскім спартсменам, якія выступяць на зімовай Алімпіядзе-2022 у Пекіне, даў сам міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт. Прадстаўнікам зборнай Украіны забаранілі публічна размаўляць з расіянамі і знаходзіцца побач з дзяржаўнай сімволікай Расіі падчас спаборніцтваў.

Іван Шмуратка на рускамоўнае пытанне адказаў па-англійску, адзначыўшы: 

«Чаму я размаўляю па-англійску? Як вы ведаеце, я раблю ўсё, каб быць тут. Я спартовец, і ўся мая праца — на лёдзе».

Пытанне мовы зносін украінскіх спартсменаў падчас інтэрв'ю было рубам пастаўлена падчас Еўра-2020 па футболе. Украінскія заўзятары выказалі тады сваё абурэнне тым, што прадстаўнікі ўкраінскай зборнай давалі каментары на рускай мове. Пасля гэтага многія з іх у зносінах з прэсай перайшлі на ўкраінскую мову.

Nashaniva.com