На гомельскай «хіміі» паказальна затрымалі за каментар у сацсетках зняволенага, які адбываў пакаранне не за палітыку

25 студзеня ў Гомельскай ПУАТ-17 паказальна затрымалі Івана Яшчанку, які адбывае там пакаранне па непалітычным артыкуле, паведамляюць праваабаронцы.

26.01.2022 / 22:08

Мужчыну затрымалі за каментар у сацсетках, які ён пакінуў у верасні 2021 года. Праваабаронцы мяркуюць, што затрыманне магло быць звязанае са «справай Зэльцэра».

У памяшканне ПУАТ прыйшлі сілавікі і паказальна надзелі кайданкі на Івана Яшчанку перад астатнімі асуджанымі. Паведамляецца, што іх сабралі спецыяльна для таго, каб правесці затрыманне. Яшчэ ў некалькіх чалавек забралі тэлефоны.

Людзей прыстрашылі, што цягам дзесяці дзён будуць затрыманыя яшчэ некалькі чалавек.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Гомельскай ПУАТ-17 адбывае пакаранне 15 палітычных зняволеных.

Nashaniva.com