Польшча са жніўня 2020 года прыняла амаль 15 тысяч беларусаў-уцекачоў

На міжнароднай канферэнцыі па ахове межаў Еўразвяза ў Вільні міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі 23 студзеня сказаў, што Польшча з часу выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года прыняла амаль 15 тысяч беларусаў, вымушаных уцякаць з радзімы ад пераследу, паведамляе MOST Media.

24.01.2022 / 18:33

Беларусы падчас акцыі пратэсту на польска-беларускай мяжы. Фота Руслана Кулевіча

Міністр таксама пракаментаваў міграцыйны крызіс, які выбухнуў у 2021 годзе на мяжы Беларусі з краінамі ЕС. Паводле слоў Камінскага, ён быў справакаваны, каб «помсціць Польшчы, Літве і Латвіі за падтрымку, дадзеную беларускай апазіцыі» і каб пачаць перамовы з ЕС для адмены санкцый.

У 2021 годзе польскія памежнікі зафіксавалі амаль 40 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. З 1 снежня па 1 сакавіка 2022 года ў Польшчы абмежавана знаходжанне паблізу мяжы з Беларуссю. Забарона ахоплівае 115 гарадоў Падляшскага ваяводства і 68 гарадоў Люблінскага ваяводства.

Nashaniva.com