«Андрэй смяротна хворы». Палітвязню Андрэю Войнічу патрабуецца тэрміновая аперацыя

Маці актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Войніча, асуджанага да 7 гадоў калоніі, распавяла пра праблемы са здароўем свайго сына.

07.01.2022 / 11:48

«Андрэй смяротна хворы. У яго цыроз печані пасля віруснага гепатыту, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Ён мае патрэбу ў тэрміновай перасадцы печані, да арышту кожны месяц наведваў трансплантолага.

Як толькі Андрэя этапавалі ў ПК-15, больш за месяц ад яго не было ні лістоў, ні званкоў. Як аказалася, майго сына два разы трымалі ў ШІЗА.

Нядаўна справа ссунулася з мёртвай кропкі: Андрэй прайшоў медагляд, яму аблегчылі працу, ён выйшаў на сувязь.

Лісты ад сяброў і іншых сваякоў яму не перадаюць, перадач і спатканняў ён таксама пазбаўлены. У турме ў яго няма магчымасці падтрымліваць адмысловую дыету».

Nashaniva.com