У Расіі Google аштрафавалі на рэкордную суму — амаль 100 мільёнаў даляраў

Міравы суд у Маскве прызнаў кампанію Google вінаватай у паўторнай адмове выдаліць забароненую інфармацыю і ўпершыню ў Расіі прызначыў міжнароднаму IT-гіганту абаротны штраф у памеры больш чым 7,2 млрд расійскіх рублёў (гэта прыкладна 98 мільёнаў даляраў).

24.12.2021 / 16:19

Гэтага патрабаваў Раскамнагляд, які раней выпісваў звычайныя штрафы Google, Facebook і іншым кампаніям.

«Пастановай міравога суддзі Таганскага раёна Масквы Google LLC прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, яму прызначанае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу ў памеры 7 221 916 235 рублёў 00 капеек», — паведамляе тэлеграм-канал маскоўскіх судоў. Гэта прыкладна 98 млн даляраў у эквіваленце.

Сума штрафу была разлічаная суддзёй, зыходзячы з прадстаўленых суду Раскамнаглядам даных аб памеры гадавой выручкі Google.

Паколькі размова ішла аб паўторным парушэнні, суд меў права прымяніць да кампаніі абаротны штраф — ад 5 да 10 працэнтаў выручкі за год, які папярэднічае году, у якім было выяўленае правапарушэнне. Выручка расійскай «дачкі» Google летась складала 85 млрд расійскіх рублёў.

Nashaniva.com