Супраць украінскага сябра Лукашэнкі завялі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе

Супраць скандальна вядомага ўкраінскага дэпутата Яўгена Шаўчэнкі заведзеная крымінальная справа аб дзяржаўнай здрадзе (111 артыкул украінскага Крымінальнага кодэкса). Пра гэта ён сам напісаў у сваім Тэлеграм-канале пасля таго, як адпаведныя чуткі пратачыліся ў СМІ.

24.12.2021 / 01:39

Прычыну пераследу Шаўчэнка акрэсліў так:

«Шыюць мне стварэнне «рускага свету» ў Украіне. Тупейшай падставы не змаглі знайсці для выканання замовы і прыбірання канкурэнта. Гэта звязана з маім сяброўствам з Беларуссю».

Шаўчэнка сапраўды ў апошні год стаў у Беларусі шырока вядомы як актыўны прыхільнік Лукашэнкі і ягоны палітычны лабіст у Украіне. З самага пачатку беларускіх паслявыбарчых пратэстаў ён шмат выказваўся на беларускія тэмы, на ўсе лады расхвальваючы рэжым і ўсяляк ганячы ягоных апанентаў, не спыняючыся і перад прамымі абразамі.

Некалькі разоў прыязджаў Шаўчэнка падтрымаць свайго сябра — сам так называў Лукашэнку — і непасрэдна ў Беларусь. У лютым ён быў госцем «Усебеларускага народнага сходу», у красавіку прыязджаў сустракацца спецыяльна, а ў ліпені спяваў са сцэны Славянскага базару ў Віцебску. 

Яўген Шаўчэнка з чырвона-зялёным сцягам у ўкраінскай Вярхоўнай Радзе. Фота: kp.ua

Шаўчэнка быў абраны ў 2019 годзе дэпутатам ад партыі «Слуга народа» па аднамандатнай акрузе ў Запарожжы (сам ён родам з Мелітопаля Запарожскай вобласці) і амаль два гады быў членам адпаведнай фракцыі, якая складае ў парламенце большасць. Але такога цеснага сяброўства з Лукашэнкам калегі па фракцыі прабачыць яму не змаглі. Пасля некалькіх папярэджанняў сёлета 24 мая Шаўчэнка быў з яе выключаны, і цяпер ён пазафракцыйны дэпутат-адзіночка.

Але сам дэпутацкі статус Шаўчэнкі беларуская прапаганда ўсяляк выкарыстоўвае для імітацыі легітымнасці цяперашняй беларускай улады ў вачах палітычнай эліты суседняй краіны.

Украінскага дэпутата, які сустракаўся з Лукашэнкам, выключылі з парламенцкай фракцыі «Слуга народа»

Nashaniva.com