Латвія заявіла, што стала асноўнай мэтай гібрыднай атакі Беларусі

Колькасць нелегальных мігрантаў, якая расце на латвійска-беларускай мяжы, сведчыць аб тым, што мы сталі асноўнай мэтай гібрыднай атакі, заявіў у інтэрв'ю TV3 дзяржсакратар Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі Дзімітрый Трафімаў, піша Delfi.lv.

20.12.2021 / 17:38

Reuters.com

Чыноўнік нагадаў, што на мінулым тыдні штодня затрымлівалі дзясяткі — у асобныя дні да 80 — чалавек, якія спрабавалі прарвацца ў Латвію. У канцы тыдня сітуацыя была аналагічнай. Трафімаў адзначыў, што ў Беларусі адбываецца арганізаванае перамяшчэнне мігрантаў, паколькі інакш немагчыма растлумачыць такую хуткую перакідку людзей у розныя месцы на мяжы.

Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунціс Пуятс на мінулым тыдні таксама паведаміў дэпутатам Сейма, што сітуацыя на мяжы абвастрылася. Паток правапарушальнікаў на мяжы Беларусі з Літвой і Польшчай у апошнія дні значна скараціўся, і цяпер Латвія становіцца краінай, супраць якой узмацняецца ціск нелегальнай міграцыі.

Пачынаючы з 10 жніўня, калі было абвешчанае надзвычайнае становішча, больш за 3300 чалавек былі затрыманыя за незаконнае перасячэнне мяжы.