​Эдуард Бабарыка падазраваны па новай крымінальнай справе, яму пагражае да 20 гадоў

Сын Віктара Бабарыкі не выйшаў на волю пасля заканчэння 18 месяцаў утрымання пад вартай па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Цяпер Эдуард падазраваны па крымінальнай справе.

20.12.2021 / 13:18

Эдуард Бабарыка падазраецца па наступных артыкулах:

— артыкул 130, частка 3 Крымінальнага кодэкса: распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (да 12 гадоў пазбаўлення волі);

— артыкул 293, частка 1 Крымінальнага кодэкса Беларусі: арганізацыя масавых беспарадкаў (да 15 гадоў пазбаўлення волі).

У сувязі з тым, што арганізацыя масавых беспарадкаў — асабліва цяжкае злачынства, у выпадку выстаўлення абвінавачвання па сукупнасці Эдуарду можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе штаб Віктара Бабарыкі.

Абвінавачванне яшчэ не выстаўленае. Калі яно не будзе выстаўленае на працягу дзесяці дзён з моманту новага фактычнага затрымання, Эдуард павінен быць адпушчаны.

Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Цяпер Эдуард знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Мінска на вул. Валадарскага.

Nashaniva.com