Глядзіце, якія «дызайнерскія» елкі паставілі ў гродзенскім парку ФОТЫ

Да 10 снежня ў Гродне ў парку Жылібера ўсталявалі ўжо традыцыйныя навагоднія елкі ад арганізацый і прадпрыемстваў горада. Некаторыя захавалі стыль мінулых гадоў, «Беларусбанк» паставіў елку-інфакіёск, паліклінікі сканцэнтраваліся на каранавірусе, а «Гроднагіпразем» парэкламаваў свае паслугі. У гэтым сезоне стала менш агратрэшу і больш фотазон, піша Hrodna.life.

12.12.2021 / 11:19

Інсталяцыі толькі з’явіліся, а гродзенцы ўжо ацэньваюць фотазоны. На ўваходзе ў парк сустракаюць ялінка «Гродна-Азот» і снегавік «Хімвалакно» з абматанага ватай каркаса

Па парку расстаўленыя елкі ўсіх відаў канструкцый — драўляныя конусы, конусы шкляныя з начыннем-прадукцыяй, паўнавартасныя фотазоны і, вядома, зялёная маскіровачная сетка. Свае елкі падрыхтавалі гродзенскія каледжы і іншыя ўстановы адукацыі.

«Гроднагаз» паставіў суровую ялінку-гарэлку і правобраз новага 2022 года з балона.

У паліклінік ключавой стала тэма каранавіруса.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна вырашыў не разменьвацца на дробязі і паставіў адразу дзве ялінкі: міленькую і не вельмі.

Транспартнікаў прадстаўляюць фотазона з тыграм і эка-аўтобусам ад Аўтобуснага парку і елка-прыпынак ад Тралейбуснага. Тралейбусную елку варта разгледзець: яна завешаная талончыкамі і праязнымі за розныя гады (можна панастальгаваць пра цэны) з Гродна і Польшчы.

З прадпрыемстваў самая тэхналагічная ялінка атрымалася ў «Беларусбанка». Інфакіёскам у аснове каркаса можна будзе карыстацца, паабяцалі супрацоўнікі. Праўда, не ўсе адразу разумеюць, чыя гэта елка — на ёй шмат «шарыкаў» назваў і эмблем. Так чынам банк пазначыў сваіх партнёраў.

Фотазона з аленямі ад завода «Белкард» была і год таму, а вось ялінка ўжо новая.

Гродзенскае МНС падрыхтавала фотазону, дзе можна стаць кіроўцам часткі машыны. Ялінку ўпрыгожылі ўсім патрэбным: шлемам, пажарнымі апавяшчальнікамі, вогнетушыцелямі і пажарным шлангам.

Хатку на курыных нагах ад «Гроднакадастра» таксама варта разглядаць падрабязна.