У Мінску пройдзе дабрачынны калядны кірмаш для адбудовы будслаўскага касцёла

З 19 па 23 снежня пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пройдзе дабрачынны кірмаш. Сабраныя сродкі будуць скіраваныя на адбудову пашкоджанага пажарам касцёла Маці Божай Будслаўскай, піша catholic.by.

09.12.2021 / 16:00

Пажар у Будславе здарыўся 11 мая, і мноства неабыякавых людзей і арганізацый з усёй краіны і з замежжа пачалі пералічваць ахвяраванні на адбудову святыні. Былі разабраныя завалы, расчышчаныя скляпенні, праведзены водаадвод і, нарэшце, усталяваны часовы дах.

Але працы на гэтым не заканчваюцца. У аварыйным стане пасля пажару і яго тушэння знаходзіцца купал базілікі, неабходнае правядзенне маштабнай рэстаўрацыі дзеля ўратавання ўнікальных фрэскавых роспісаў — славутых «аптычных» алтароў.

На наступным тыдні пры касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пройдзе дабрачынны Калядны кірмаш.

Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных узяць у ім удзел. Кожны можа прынесці на кірмаш уласнаручна зробленыя рэчы (сувеніры, цацкі, малюнкі, вырабы з гліны, дрэва і іншых матэрыялаў).

Усё гэта можна будзе набыць за добраахвотнае ахвяраванне адвольнага памеру. Сабраныя сродкі будуць прызначаныя на адбудову будслаўскай святыні.