У Мінску мужчына выцягнуў рыбака, які праваліўся пад лёд

У Мінску відавочца дапамог рыбаку, што праваліўся пад лёд, паведамляе МНС.

08.12.2021 / 18:05

Сёння ў 11.25 на нумар 112 ад відавочцы паступіла паведамленне пра чалавека ў палонцы Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску. На месца выехалі падраздзяленні МНС.

65-гадовы мужчына выйшаў рыбачыць на акваторыі Сляпянскай воднай сістэмы. У нейкі момант ён праваліўся пад лёд. Яго заўважыў відавочца, які гуляў з сабакам на іншым беразе вадаёма. Ён пабег ратаваць чалавека і папрасіў іншых грамадзян патэлефанаваць у МНС.

Відавочца выцягнуў рыбака з палонкі на бераг і перадаў ратавальнікам. Пасля агляду медыкамі выратаваны адмовіўся ад шпіталізацыі.

Nashaniva.com