У Эстоніі расказалі, калі ЕС увядзе новыя санкцыі супраць Беларусі

ЕС «паставіў мэту» ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі да канца лістапада, заявіла кіраўніца МЗС Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс, паведамляе EBR. Зараз Брусель займаецца юрыдычным афармленнем новага пакета абмежаванняў.

22.11.2021 / 19:09

«Цяпер пастаўленая мэта ўвесці санкцыі да канца месяца… Ідзе праца над юрыдычным афармленнем пакета — юрыдычныя службы Еўрасаюза яго шліфуюць», — расказала яна.

ЕС узгадняе новы санкцыйны пакет у тым ліку з ЗША і іншымі краінамі. ЗША свае санкцыі супраць Беларусі павінны ўвесці ў пачатку снежня.

Казаць пра тое, якія канкрэтна фізічныя і юрыдычныя асобы ўвойдуць у новы санкцыйны спіс, міністр не стала.

Аднак кіраўнік МЗС Эстоніі пацвердзіла, што гаворка ідзе пра тыя структуры, якія, па версіі Еўрасаюза, бралі ўдзел у дастаўцы мігрантаў да мяжы Беларусі і Польшчы і ў арганізацыі міграцыйнага крызісу.

Nashaniva.com