Ва Украіне за прышчэпку ад кароны будуць выдаваць 1000 грыўняў. Але патраціць іх можна будзе не на ўсё

Каб падтрымаць бізнэс, людзям, якія прайшлі поўны курс вакцынацыі ад карона, ва Украіне абяцаюць выплаціць па тысячы грыўняў. Пра гэта гаворыцца ў відэазвароце прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, перадае hromadske.ua.

16.11.2021 / 16:38

Праграма падтрымкі сфер, найбольш пацярпелых ад каранціну — крэатыўнай, спартыўнай і транспартнай, — распачнецца ў найбліжэйшы час.

«Праграма будзе працаваць так: кожны, хто атрымаў дзве прышчэпкі супраць каранавіруса, зможа атрымаць адну тысячу грыўняў (прыкладна 92 рублі — НН) хутка і зручна, гэта значыць праз дадатак «Дзея», — заявіў Зяленскі.

Ён дадаў, што за гэтыя грошы можна будзе купіць абанемент у спартзалу, фітнес-клуб, наведаць кінатэатры, музеі і выставы або купіць квіткі для падарожжаў унутры краіны.

Праграма стартуе 19 снежня. Да канца года на яе будзе выдаткавана каля трох мільярдаў грыўняў. Яшчэ столькі ж — у пачатку 2022 года.

Па стане на 16 лістапада ў краіне прышчэплена цалкам 8,8 млн (20%) людзей, адну дозу вакцыны атрымалі 12 млн. 

Nashaniva.com