Беларускую вакцыну ад каранавіруса будуць выпускаць на заводзе пад Віцебскам 

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб беларускай вытворчасці вакцыны ад каранавіруса. Раней паведамлялася, што яе збіраюцца ўвесці ў абарот у 2023 годзе.

03.11.2021 / 21:36

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, вытворчасцю прэпарату зоймецца ААТ «БелВітуніфарм». Указам прадугледжана будаўніцтва вытворчасці ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласці на базе рэканструкцыі ўжо існуючага аб'екта.

«БелВітуніфарм» вызначаны ў якасці найбольш перспектыўнай пляцоўкі для доследна-прамысловай вытворчасці вакцыны, зыходзячы са ступені гатоўнасці інфраструктуры, наяўнасці падрыхтаваных спецыялістаў, а таксама магчымасці наступнага развіцця біятэхналагічнага кластара.

Распрацоўка вакцыны вядзецца арганізацыямі Міністэрства аховы здароўя і Акадэміі навук. Падрыхтавана серыя прататыпнага варыянту вакцыны.

Колькі грошай плануецца выдаткаваць на арганізацыю вытворчасці, не паведамляецца. Указ прадугледжвае вызваленне тэхналагічнага абсталявання, сыравіны і матэрыялаў, якія ўвозяцца на тэрыторыю краіны для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дадатковую вартасць.